ТЭКСТУ́РА МАГНІ́ТНАЯ,
пераважная арыентацыя вектараў спантаннай намагнічанасці магн. даменаў у фера- і ферымагнетыках. Абумоўлівае анізатрапію магн. уласцівасцей матэрыялу (гл. Магнітная анізатрапія). Узнікае пры дзеянні на матэрыял накіраваных мех. напружанняў, якія ўтвараюць пераважную арыентацыю крышталітаў у полікрышталях (гл. Тэкстура), пры тэрмічнай апрацоўцы матэрыялу ніжэй Кюры пункта ў магн. полі (тэрмамагн. апрацоўка), пры тэрмамех. апрацоўцы. Стварэнне восевай Т.м. дае магчымасць рэзка палепшыць уласцівасці магн. матэрыялаў. Уздоўж восі Т.м. у магнітамяккіх матэрыялах аблягчаецца перамагнічванне, пры гэтым павялічваецца магнітная пранікальнасць, памяншаюцца каэрцытыўная сіла і магн. страты; у магнітацвёрдых матэрыялах дасягаюць найбольшых значэнняў намагнічанасць астаткавая і каэрцытыўная сіла.
т. 16, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)